Показ дописів із міткою ЯНКА КУПАЛА. Показати всі дописи
Показ дописів із міткою ЯНКА КУПАЛА. Показати всі дописи

четвер, 5 лютого 2015 р.

Янка Купала. Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,

Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што з веку ў век нам байкі бае?

Цікавым вокам і душою
Шмат пераняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асцярожна.

Там звер туды-сюды шнуруе,
На гальлі птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума з кумой на рэчцы.

Зімой сапе сцюдзёнай думай,
Улетку песнямі уп'ешся,
А ўвосень там – ах, шумы, шумы!
Не чуй – слязою абліешся!

Няхай жа свісьне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне...
О пушча, цёмная не ў меру,
Чыя душа з табой не дрогне?!

Янка Купала
1911-1912

Янка Купала - Паэма " Магила Льва " (З народнага падання)

Янка Купала - Паэма " Магила Льва "
(З народнага падання)

I

Нам продкаў кемкасць захавала
Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.

Усё ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцця...
Няхай жа гэтыя калоссі
Мінуць скаранне небыцця!

Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасветнай векаў мгле,
Для беспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песні ажыве.

Збіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
І сеўбу новую пачаць.

Пачнём дакапывацца самі
Разгадкі нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет.

Пачнём някратаны паданні
Сачыць пад бацькаўскай страхой,
Шукаць ад рання і да рання,
А толькі хай шукае свой.

II

Янка Купала БАЙ

 
 
БАЙ
Бегаў бай па сьцяне
У чырвоным каптане,
Байку баіў. Ой, люлі!
Жылі пчолкі у вульлі...
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сьцяне...
Шла вясна па вясьне,
Жылі пчолкі з году ў год,
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сьцяне...
Ніхто пчолак не кране;
Самі мёд зьбіраюць той,
Самі ласваюць зімой...
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сьцяне...
У тэй самай старане
Пустапасам труцень жыў,
Неяк з пчолкамі здружыў..
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сьцяне...
Труцень кажа: «Дайце мне
Глянуць, пчолкі, у вульлёк,
Паспытаці ваш мядок!..»
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сьцяне...
Ці так добра, ці так не, —
Пчолкі добрымі былі,
Трутня ў госьці прынялі...
Баіць ці не?
— Баіць!
Бегаў бай па сьцяне...
Труцень пальцам ня кіўне;
Пчолкі мёд нясуць да сот,
Труцень есьць ды есьць той мёд.
Баіць ці не?
— Не!

Янка Купала
 

Янка Купала. Ёлачка

Ёлачка
Верш
Аўтар: Раіса Кудашава
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Купала Янка. П'есы, пераклады \ Прадмова А. В. Сабалеўскага; уклад. Л. С. Курбенка — Мінск, Юнацтва, 1992. ст. 285

Ўзышла у лесе ёлачка,
У лесе і расла,
Узімку, ўлетку стройная,
Зялёная была.

Мяцеліца ёй песеньку
Пяяла: баю-бай,
Мароз сняжком атуліваў:
Глядзі не замярзай!

Пужлівы зайчык шэранькі
Пад ёлачкай скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты воўк,
Ускоч перабягаў.

Вось снег у лесе дрэмлючым
Пад полаззем скрыпіць,
І конік жвавы, сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.

Вязе той конік саначкі,
А ў санках селянін,
Пад'ехаў ён пад ёлачку
І ссек у міг адзін.

Цяпер яна прыбраная
На свята к нам прыйшла
І шмат пацехі, радасці
Для дзетак прынясла